Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Пазакласнае чытанне

Дата: 10 февраля 2020 в 17:19
1 379 просмотров

Дзіўны горад
Васіль Жуковіч
Жаласлівая прынцэса
Пятро Васючэнка

Дзіўны горад
Васіль Жуковіч

Горад бачыў я цудоўны

у далёкай старане,

горад быў ласункаў поўны,

ён запамятаўся мне.

3 цукру там былі дарогі,

ледзянцовыя масты,

шакаладныя стаялі

кветкі, дрэвы і кусты.

Білі там фантаны фанты

і ракою поўнай цёк

ну такі ўжо свежы, смачны

ды з мядовым пахам сок!

I марожанага горы

там ляжалі, быццам снег…

Бачыў я салодкі горад

у сваім салодкім сне.

Жаласлівая прынцэса
Пятро Васючэнка

У Краіне-Дзе-Ніколі-Не-Плачуць жыла-была прынцэса Людвіка Жаласлівая. У гэтай краіне працавалі і зараблялі грошы сур'ёзныя людзі, якія не мелі часу не толькі на тое, каб плакаць, але і смяяцца. Прынцэса ж была несур'ёзная, бо шкадавала ўсіх бедных.

Аднойчы прынцэса гуляла па садзе са сваёй фрэйлінай.

— Навошта вы мяне ў лужыну штурхаеце? — сярдзіта казала фрэйліна.

— Прабачце, але вы маглі наступіць вунь на тую зялёненькую жабку.

— Які жах! — сказала фрэйліна і страціла прытомнасць.

Фрэйліна часта губляла прытомнасць, усе да гэтага прывыклі. Таму прынцэса не спалохалася і нават паспела вызваліць з павуціння мушку-зелянушку.

Мушка ўмела гаварыць.

— Дзякуй табе, прынцэса, што выратавала мяне з лапаў гэтага кашлатага павука. За гэта я скажу табе, дзе тваё шчасце. Яго прынясе табе чалавек, у якога на пальцы будзе зялёны пярсцёнак.

— Дзякуй! — сказала прынцэса. — Я і так шчаслівая. У нашай краіне ўсе шчаслівыя. Такі ў нас закон.

— 3 кім гэта вы размаўляеце, ваша высокасць? — запыталася фрэйліна, якая да гэтага часу ўжо апрытомнела. — 3 павуком?

— Не, з мушкай, — адказала Прынцэса, якая не ўмела хлусіць.

— Які жах! — прамовіла фрэйліна і зноў страціла прытомнасць. А пасля таго, як ачуняла, пайшла дакладваць каралю Генрыху XI Сур'ёзнаму пра паводзіны дачкі.

«Як гэта несур'ёзна, — падумаў кароль, выслухаўшы аповед фрэйліны. — Жабкі гэтыя, жучкі, чарвячкі... Нашаму бізнесу такая жаласлівасць толькі на шкоду. Трэба дачку хутчэй замуж аддаць, каб стала сур'ёзнай».

Назаўтра перад каралеўскім палацам стаяў натоўп жаніхоў — каралёў ды прынцаў, шыкоўна прыбраных.

Прынцэса мусіла размаўляць з імі пра кошты на рынку і курс валюты. Але яна не марнавала часу і паспела перавязаць лапку параненаму вераб'ю. Гэта заўважылі жаніхі і пачалі паміж сабою перашэптвацца:

— Жаласлівая! На паляванне з ёю не паедзеш. Ваяваць забароніць. Не патрэбная нам такая жонка!

I жаніхі памалу пачалі разыходзіцца. Толькі адзін застаўся, зусім не падобны да іншых. Усяго хараства ў яго было — добрыя і крыху сумныя вочы і маленькія вусікі. За тое жаніхі зласліва празвалі яго каралём Вусенем.

— Выходзь за мяне замуж, прынцэса, — сказаў ён. — Мне цябе шкада.

— Вось як? — здзівілася прынцэса. — Гэта ж я вас павінна шкадаваць, бо я — жаласлівая.

— Пойдзем у маю краіну, Людвіка, — сказаў кароль Вусень, — і я навучу цябе смяяцца і плакаць.

3 гэтымі словамі кароль Вусень працягнуў прынцэсе руку, і яна пабачыла на ягоным пальцы зялёненькі пярсцёнак.

«А мне ён і без пярсцёнка спадабаўся, — падумала прынцэса. — У яго добрыя вочы».

— Ну і выбрала! — здзівіўся кароль Генрых XI Сур'ёзны. — Па-мойму, гэта несур'ёзна. Але гэта твой выбар.

I Жаласлівая Прынцэса пайшла следам за каралём Вусенем у ягоную далёкую краіну.

— Чаму вы такі сумны, ваша вялікасць? — спытала яна.

— Млосна мне без слёз і смеху. Але ты не палохайся, што б ні здарылася, — адказваў кароль Вусень.

Пад вечар каралю зрабілася зусім блага, і яны мусілі спыніцца ў прыдарожнай карчме.

Уначы ў хворага караля пачаліся сутаргі. Ногі і рукі здранцвелі і сталі нерухомыя. Цела пакрылася шорсткім панцырам. Але на застылым, бы маска, твары ззялі добрыя, крыху сумныя вочы.

Нікога ў жыцці Жаласлівая Прынцэса не шкадавала так моцна. Слёзы закапалі з яе вачэй. Дзве пякучыя слязіны ўпалі на панцыр, і той раскалоўся, бы шкарлупіна яйка. Кароль падняўся з ложка, памаладзелы, бадзёры, прыгожы. Цяпер яго можна было называць не кароль Вусень, а кароль Матыль, бо за плячыма ў яго пералівалася перламутрам пара яркіх крылаў.

«А мне ён і раней падабаўся не менш», — падумала Жаласлівая Прынцэса.

— У маёй краіне ўсе лятаюць. I кузуркі, і чарвячкі, і людзі, — сказаў кароль Матыль. — Ты таксама станеш там крылатай.

— А мой тата? Мы запросім яго да сябе? — спытала Жаласлівая Прынцэса.

— Абавязкова! — паабяцаў кароль. — Толькі спачатку навучым яго таму, што ўмеем самі.

...Я чуў, што днямі кароль Генрых XI атрымаў ліст ад дачкі з Краіны-Дзе-Смяюцца-І-Плачуць. Казалі, што, прачытаўшы той ліст, кароль павёў сябе зусім несур'ёзна: рагатаў і плакаў, як дзіця.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.